Падведзены вынікі грамадскага абмеркавання праекта пастановы Савета Міністраў «Аб парадку карыстання нецэнтралізаванымі сістэмамі пітнога водазабеспячэння, водаадвядзення (каналізацыі) і аказання паслугі па транспарціроўцы сцёкавых вод асенізацыйным транспартам».
Прадметам прававога рэгулявання праекта з'яўляюцца парадак карыстання нецэнтралізаванымі сістэмамі пітнога водазабеспячэння, водаадвядзення (каналізацыі), якія знаходзяцца ў дзяржаўнай або прыватнай уласнасці, а таксама ўмовы аказання паслугі па транспарціроўцы сцёкавых вод асенізацыйным транспартам на тэрыторыі адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі.
У прыватнасці, праектам пастановы прадугледжаны адзіны алгарытм аказання такой паслугі для ўсіх суб'ектаў гаспадарання. Дадзены парадак прадугледжвае, што юрыдычныя асобы, індывідуальныя прадпрымальнікі і асобы, якія ажыццяўляюць самастойную прафесійную дзейнасць па транспарціроўцы сцёкавых вод, павінны заключаць дагаворы з насельніцтвам, фарміраваць кошт і атрымліваць плату ў адпаведнасці з наступнымі патрабаваннямі:
- аказанне паслугі па транспарціроўцы сцёкавых вод асенізацыйным транспартам ажыццяўляецца на падставе дагавора, заключанага паміж выканаўцам і грамадзянінам, а таксама заяўкі грамадзяніна праз службу «115»;
- плата за паслугу ажыццяўляецца з выкарыстаннем мабільнага плацежнага тэрмінала і (або) касавага апарата выканаўцы або ўключаецца ў паведамленне аб памеры платы за жыллёва-камунальныя паслугі і ўносіцца праз АРІП;
- затраты на аказанне паслугі па транспарціроўцы сцёкавых вод фарміруюцца ў адпаведнасці з дадаткам да праекта пастановы;
- звесткі аб выканаўцах паслугі па вывазе сцёкавых вод на адпаведнай тэрыторыі размяшчаюцца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі на сваіх сайтах (з указаннем тарыфаў на дадзеную паслугу па кожным выканаўцы) і фарміруюцца на падставе заявак, якія паступілі ад зацікаўленых выканаўцаў, і інфармацыі арганізацый, якія ажыццяўляюць водазабеспячэнне і (або) водаадвядзенне (каналізацыю), аб заключаных з выканаўцамі дагаворах на аказанне паслугі па ачыстцы сцёкавых вод.
Акрамя таго, для зніжэння кошту названай паслугі мясцовыя органы ўлады надзяляюцца паўнамоцтвамі па вызначэнні аптымальнага радыуса транспарціроўкі сцёкавых вод асенізацыйным транспартам з вызначэннем месцаў іх прыёму.
Арганізатар грамадскага абмеркавання — Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
За перыяд абмеркавання з 15 па 24 ліпеня 2026 г. у спецыяльную тэму на Прававым форуме Беларусі паступіла 10 паведамленняў, якія разгледжаны і абагульнены арганізатарам.
Крыніца: https://pravo.by/novosti/novosti-pravo-by/2026/august/94538/ — Нацыянальны прававы Інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь.