Азіраючыся на тры дзесяцігоддзі назад, кожнаму з нас, хто жыве ў суверэннай і незалежнай Беларусі, сёння цяжка ўявіць тую ступень трывогі, нявызначанасці і безвыходнасці, якая панавала ў 1990-я гады. Распад СССР парушыў наладжаныя эканамічныя сувязі. У адзін момант абрынулася адзіная сістэма гаспадарання, заводы страцілі пастаўшчыкоў сыравіны і рынкі збыту. Неверагодная інфляцыя, пустыя паліцы магазінаў і дэфіцыт тавараў — такім быў пачатак нашай незалежнасці.
Перадвыбарная праграма 1994 года «Аддаліць краіну ад прорвы» беларускага лідара Аляксандра Лукашэнкі яскрава апісвае тую эпоху: «Мы стаім над прорвай сістэмнага крызісу дзяржавы. Нават пасля Вялікай Айчыннай вайны такога не было. Агульны спад вытворчасці склаў 40 працэнтаў. Сельская гаспадарка адкінута на 20 гадоў назад. Інфляцыя ў 1993 годзе склала 1700 працэнтаў і павялічваецца на 50 працэнтаў штомесяц. Спынена вытворчасць на многіх прадпрыемствах, расце беспрацоўе. Зніжаецца матывацыя да прадукцыйнай працы. Квітнеюць спекуляцыя, насілле, размываюцца маральныя асновы грамадства, сумленнасць і прыстойнасць становяцца катэгорыямі трэцяга гатунку. Злачыннасць замахнулася не толькі на бяспеку грамадзян, але і на саму дзяржаву. Карупцыя паралізавала работу ўлады. Па жывым разрэзаны традыцыйныя сувязі братніх народаў».
Становішча ў дзяржаве пагаршалася з кожным днём, і прамаруджванне пагражала катастрофай.
Першы Усебеларускі народны сход: ад татальнага дэфіцыту да стабільнай эканомікі
Першы Усебеларускі народны сход (УНС) адбыўся ў пераломны момант. Назва даклада Прэзідэнта на першым Сходзе — «Толькі народ мае права вырашаць свой лёс» — вызначыла не толькі сутнасць УНС, але і асноўны сэнс усяго грамадска-палітычнага жыцця суверэннай Беларусі.
Даведачна:
19–20 кастрычніка 1996 г. у Палацы спорту сабраліся 4 740 дэлегатаў. Сярод іх былі рабочыя і аграрыі, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, прадстаўнікі дзяржаўных органаў, работнікі сацыяльна-культурнай сферы, студэнты, прадпрымальнікі, ваеннаслужачыя, пенсіянеры, прадстаўнікі дыяспар, дыпламаты. Напярэдадні форуму па ўсёй краіне прайшлі тысячы сходаў, у якіх узялі ўдзел каля 2,5 млн чалавек.
На першым Усебеларускім народным сходзе быў закладзены фундамент беларускай мадэлі сацыяльна арыентаванай рынкавай эканомікі. Яе сутнасць заключалася ў тым, што прыярытэтам з'яўляюцца высокі ўзровень жыцця і рэальны клопат пра людзей. Былі зацверджаны «Асноўныя напрамкі сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 1996–2000 гады».
Менавіта на першым Сходзе была сфарміравана дакладная стратэгія развіцця, якая вызначыла прыярытэты на гады наперад. Адкрытае галасаванне дэлегатаў паказала пераважную падтрымку рашэнняў Прэзідэнта. Але галоўнае — правільнасць выбару беларускага народа даказаў час.
З 1996 года ў Беларусі пачаўся паслядоўны эканамічны рост. За пяць гадоў (1996–2000 гг.) ВУП павялічыўся на 35,7 %, аб'ём прамысловай вытворчасці — на 64,4 %, інвестыцыі ў асноўны капітал — на 33,2 %, увод жылля вырас на 81,1 %, а рэальныя грашовыя даходы насельніцтва павялічыліся амаль удвая.
Як неаднаразова падкрэсліваў Аляксандр Лукашэнка, першы УНС тады адвёў краіну ад прорвы. Першы форум не толькі дапамог краіне выйсці з эканамічнага крызісу, але і заклаў фундамент новай палітычнай сістэмы, у якой Кіраўнік дзяржавы абапіраецца на непасрэдны давер народа.
Даведачна:
Да канстытуцыйных пераўтварэнняў 2022 года УНС збіраўся раз на пяць гадоў. Дэвіз кожнага форуму адлюстроўваў актуальныя выклікі і мэты, якія стаялі перад дзяржавай і грамадствам: другі УНС — «За моцную і квітнеючую Беларусь!» (18–19 мая 2001 г.); трэці — «Дзяржава для народа» (2–3 сакавіка 2006 г.); чацвёрты — «Наш гістарычны выбар — незалежная, моцная і квітнеючая Беларусь!» (6–7 снежня 2010 г.); пяты — «Разам — за моцную і квітнеючую Беларусь!» (22–23 чэрвеня 2016 г.); шосты УНС — «Адзінства. Развіццё. Незалежнасць» (11–12 лютага 2021 г.).
Набыццё УНС канстытуцыйнага статусу вышэйшага прадстаўнічага органа народаўладдзя абумовіла правядзенне яго пасяджэнняў не радзей за адзін раз у год.
Менавіта тут абмяркоўваліся і зацвярджаліся праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на чарговую пяцігодку, вызначаліся прыярытэты ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, будаўніцтве жылля, экспарце, развіцці рэгіёнаў і інш.
Калі, напрыклад, першы УНС ставіў задачу зберагчы дзяржаву ад катастрофы і хоць неяк накарміць краіну, то другі Усебеларускі народны сход ужо арыентаваў краіну на далейшае замацаванне поспехаў суверэннай беларускай мадэлі развіцця. У дакладзе «За моцную і квітнеючую Беларусь» Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка абазначыў галоўны вынік: «упершыню за шматвяковую гісторыю нашага народа Беларусь адбылася як незалежная і самастойная дзяржава». Наша краіна выбрала шлях эвалюцыйных пераўтварэнняў.
Паступова ў краіне з'явіліся станоўчыя тэндэнцыі да ўстойлівага эканамічнага росту. Беларусь дасягнула найвышэйшых паказчыкаў развіцця сярод усіх рэспублік Савецкага Саюза, і яны былі значна вышэйшымі за тыя, што намячаліся ў 1996 годзе на першым Сходзе.
Даведачна:
Вось толькі некаторыя лічбы.
Пачалося будаўніцтва сацыяльнага жылля, чаго не было ў многіх краінах свету. У выніку ў 2000 годзе ў параўнанні з 1994 годам амаль у 1,5 раза павялічылася колькасць маладых сем’яў, якія палепшылі свае жыллёвыя ўмовы.
Значна ўзмацніўся экспартны патэнцыял: з 5 млрд долараў ЗША ў 1995 годзе да 8 млрд долараў ЗША ў 2000 годзе. Рост у паўтара раза!
На Трэцім Усебеларускім народным сходзе вектарамі новай пяцігодкі былі абвешчаны ўсебаковае развіццё чалавека, рост рэальных даходаў насельніцтва, інавацыйнае развіццё эканомікі, энергазберажэнне і рэсурсазберажэнне, рост экспарту і павышэнне канкурэнтаздольнасці беларускай прадукцыі, развіццё АПК і адраджэнне вёскі, будаўніцтва жылля і развіццё малых гарадоў.
Асаблівая ўвага была нададзена адраджэнню вёскі. Так, новы этап магутнага развіцця краіны пачаўся з прыняцця Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі (2005–2010 гг.). Яе ключавая мэта — зрабіць жыццё ў вёсцы па-сапраўднаму камфортным, каб там заставаліся людзі, гатовыя эфектыўна працаваць. На змену вёскам прыйшлі аграгарадкі.
Даведачна:
Толькі ў 2005–2006 гг. Беларусь накіравала каля 12 млрд долараў ЗША на адраджэнне вёскі. За гэты час было сфарміравана 413 аграгарадкоў: 164 — у 2005 годзе і 249 — у 2006 годзе. Пабудавана 17,7 тыс. жылых дамоў, што дазволіла палепшыць умовы жыцця сельскага насельніцтва. Новае жыллё ўзводзілася разам з развітай інфраструктурай, набліжанай да гарадской.
На сённяшні дзень у краіне налічваецца 1426 аграгарадкоў, у якіх пражывае каля 900 тыс. чалавек. У рэгіянальным разрэзе карціна выглядае наступным чынам: на Брэстчыне — 214 аграгарадкоў, на Віцебшчыне — 245, Гомельшчыне — 230, Гродзеншчыне — 226, Міншчыне — 307, Магілёўшчыне — 204.
Дзяржаўная праграма адраджэння і развіцця вёскі заклала аснову для далейшых эфектыўных пераўтварэнняў. У далейшым была рэалізавана канцэпцыя «Вёска будучыні», сутнасць якой заключаецца ў стварэнні аграгарадкоў новага ўзроўню. Такія населеныя пункты маюць мадэрнізаваную сацыяльную інфраструктуру і высокі ўзровень добраўпарадкавання: у межах аднаго аграгарадка ёсць не толькі неабходны мінімум сэрвісаў, але і дадатковыя паслугі. Для кожнай вёскі распрацоўваецца індывідуальны праект.
У гэты ж час вельмі хуткімі тэмпамі пачалі развівацца аграсядзібы. Калі ў 2006 годзе па ўсёй Беларусі іх налічвалася ўсяго 30, то праз паўтара дзесяцігоддзя — каля 3 тыс. (рост у 100 разоў!). Аграэкатурызм стаў візітнай карткай нашай краіны. І сёння турызм ужо разглядаецца як стратэгічна важны сектар эканомікі: яго ўклад у ВУП Беларусі складае каля 2%, а задача на бягучую пяцігодку ў адпаведнасці з Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026–2030 гады — павялічыць гэты паказчык як мінімум удвая (да 4,5%).
Даведачна:
Далейшае развіццё галіны ў бліжэйшыя гады прадугледжана Дзяржаўнай праграмай «Турызм» на 2026–2030 гады (далей — Дзяржаўная праграма), у якой акцэнт робіцца на некалькіх напрамках: развіцці інфраструктуры, павышэнні якасці турыстычных паслуг, падтрымцы рэгіянальных ініцыятыў, прасоўванні Беларусі за мяжой і пашырэнні турыстычнай геаграфіі ўнутры краіны.
З гэтай мэтай у рамках Дзяржаўнай праграмы прадугледжана рэалізацыя 145 інвестыцыйных праектаў з агульным аб'ёмам фінансавання больш за 1,7 млрд рублёў, што дазволіць палепшыць турыстычную інфраструктуру і якасць абслугоўвання турыстаў.
Але самае галоўнае: менавіта ў гэты час пачынаецца работа па збліжэнні ўлады і народа, каб зрабіць яе дзейнасць больш празрыстай і зразумелай простаму чалавеку. Дырэктывай Кіраўніка дзяржавы № 2 «Аб дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату і павышэнні якасці забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва» былі вызначаны канкрэтныя меры па дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату і павышэнні якасці забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва: удасканаленне работы з насельніцтвам і асабістага прыёму грамадзян, мадэрнізацыя адміністрацыйных працэдур і развіццё службы «адно акно», лічбавізацыя і ўкараненне «электроннага ўрада». Іншымі словамі, быў створаны гнуткі, адкрыты і арыентаваны на чалавека дзяржаўны апарат. Выкананне гэтых мер спрыяла ўмацаванню даверу грамадзян да ўлады і забяспечыла высокую якасць паўсядзённага жыцця насельніцтва Рэспублікі Беларусь.
Менавіта ў трэцюю пяцігодку закладваліся асновы для развіцця касмічнай і энергетычнай сфер. Напрыклад, рашэнне аб будаўніцтве ўласнай атамнай электрастанцыі ў Беларусі было прынята па ініцыятыве Кіраўніка дзяржавы ў 2008 годзе.
Гістарычны рывок у космас Беларусь здзейсніла ў 2012 годзе, калі вывела на арбіту свой першы спадарожнік дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі. Сёння іх ужо чатыры. Флагманскі праект бліжэйшай будучыні — запуск у 2028 годзе сумеснага расійска-беларускага спадарожніка, мэтавую апаратуру для якога распрацоўвае айчыннае прадпрыемства «Пеленг».
Чацвёрты Усебеларускі народны сход зрабіў стаўку на максімальную актывізацыю прадпрымальніцкай дзейнасці і лібералізацыю эканомікі. Удалося сфарміраваць у краіне прывабны інвестыцыйны клімат, пачаць стварэнне сучаснай, цалкам інавацыйнай структуры вытворчасці.
Так, напрыклад, менш чым праз год пасля форуму было падпісана пагадненне аб стварэнні Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень». Сёння гэта найбуйнейшая міжнародная пляцоўка са спецыяльным прававым рэжымам, якая аб'ядноўвае больш за 130 рэзідэнтаў з розных краін.
Магутны імпульс атрымаў Парк высокіх тэхналогій (ПВТ), які ператварыў Беларусь у аднаго з ІТ-лідараў рэгіёна.
Менавіта ў гэты перыяд была праведзена мадэрнізацыя найбуйнейшых прадпрыемстваў (у нафтаперапрацоўцы, металургіі, машынабудаванні). Маштабна абнаўлялася дарожная сетка і паляпшаўся лагістычны патэнцыял краіны: былі рэканструяваны асноўныя аўтамагістралі, якія злучаюць г. Мінск з абласнымі цэнтрамі. А аграпрамысловы комплекс не проста забяспечыў харчовую бяспеку, але і вывеў Беларусь у лік сусветных лідараў па экспарце малочнай і мясной прадукцыі. Пры гэтым мэта — пабудова дзяржавы для народа — засталася нязменнай.
Перыяд 2016–2020 гг. стаў часам сапраўднага прарыву — тэхналагічнага і іміджавага. Асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі, ухваленыя Пятым Усебеларускім народным сходам, прадугледжвалі ў якасці ключавога напрамку павышэнне якасці жыцця насельніцтва на аснове росту канкурэнтаздольнасці эканомікі, прыцягнення інвестыцый і ўкаранення інавацый.
Такім чынам, па выніках 2016–2020 гг. удалося забяспечыць рост узроўню жыцця насельніцтва, захаваць бяспеку і суверэнітэт краіны. ВУП на душу насельніцтва па парытэце пакупніцкай здольнасці за пяцігоддзе павялічыўся на 14% і ў 2020 годзе перавысіў 20 тыс. долараў ЗША. У краіне была забяспечана стабільная занятасць насельніцтва, а рэальная заработная плата вырасла больш чым у 1,3 раза. Захаваны кантроль за ростам цэн. У рэйтынгу Сусветнага банка Doing Business («Вядзенне бізнесу — 2020») Беларусь заняла 49-е месца сярод 190 эканомік свету.
Развіццё высокіх тэхналогій пачалося не ў адным асобным напрамку. Гэта быў комплексны працэс, які ахапіў практычна ўсе сферы жыцця. Напрыклад, высокатэхналагічнае развіццё атрымала сфера медыцыны. Беларускія ўрачы правялі ўнікальныя аперацыі, у тым ліку ўпершыню ў сусветнай практыцы. У 2017 годзе наша краіна ўвайшла ў топ-20 краін-лідараў у галіне транспланталогіі.
Даведачна:
У гэты перыяд дзяржаўная ўстанова «Мінскі навукова-практычны цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі» замацавала за сабой статус рэгіянальнага лідара, наладзіўшы выкананне найскладанейшых мультыорганных трансплантацый: адначасова «сэрца — лёгкія», «печань — нырка» і «падстраўнікавая залоза — нырка».
Дзіцячыя кардыяхірургі дзяржаўнай установы «Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр дзіцячай хірургіі» правялі серыю ўнікальных малаінвазіўных карэкцый заганаў сэрца ў нованароджаных і немаўлят з экстрэмальна нізкай масай цела, што раней лічылася немагчымым без адкрытых поласцевых аперацый.
Спецыялісты Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра «Кардыялогія» ўпершыню ў СНД правялі трансплантацыю донарскай артэрыі і аперацыю па аднаўленні кровазвароту сасудаў галаўнога мозга, адкрыўшы новыя магчымасці для выратавання пацыентаў ад інсультаў.
У красавіку 2018 г. была праведзена ўнікальная нейрахірургічная аперацыя цяжарнай жанчыне. Пацыентцы паспяхова выдалілі глыбінную пухліну галаўнога мозга, пры гэтым захаваўшы цяжарнасць.
Пачалася рэалізацыя яшчэ аднаго маштабнага для Беларусі высокатэхналагічнага праекта — будаўніцтва Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі (БНБК), якая не мае аналагаў на ўсёй еўразійскай прасторы. Сёння гэта не проста найбуйнейшы аграхолдынг краіны, але і сучаснае высокаперспектыўнае прадпрыемства XXI стагоддзя, падобных да якога ў свеце адзінкі (такія ёсць толькі ў ЗША, Японіі і Кітаі).
Даведачна:
БНБК спецыялізуецца на глыбокай перапрацоўцы збожжа для атрымання амінакіслот (лізіну, трэаніну, трыптафану), збалансаваных камбікармоў і прэміксаў для ўсіх відаў жывёл з выкарыстаннем інавацыйных, экалагічна бяспечных і цалкам безадходных тэхналогій.
Прадукцыя прадпрыемства выкарыстоўваецца як для ўласнай вытворчасці, так і пастаўляецца на рынкі замежных краін. Каля 80% вырабляемых амінакіслот пастаўляецца на экспарт, 20% — рэалізуецца ўнутры краіны.
Ключавы гандлёвы партнёр — Расія. Акрамя таго, геаграфія экспартных паставак ахоплівае краіны СНД і ЕАЭС, Блізкага Усходу, Азіі, а таксама еўрапейскія дзяржавы.
Даведачна:
У аснове ўпэўненага развіцця БНБК — найноўшыя распрацоўкі. Пастаянна вядзецца інавацыйная работа па распрацоўцы і ўдасканаленні рэцэптур, якія адпавядаюць усім патрабаванням спажыўцоў. У прыватнасці, больш за палову рэцэптаў камбікармоў і больш за 80% прэміксаў вырабляюцца па індывідуальных рэцэптурах з улікам патрабаванняў заказчыкаў.
Па тэхналагічным узроўні і маштабе БНБК можна параўнаць з атамнай энергетыкай і касмічнымі праграмамі. Наяўнасць такога аб'екта фарміруе рэпутацыю Беларусі як дзяржавы, здольнай рэалізоўваць найскладанейшыя навукаёмістыя праекты.
Беларусь стварыла ўласную вытворчасць легкавых аўтамабіляў поўнага цыкла. Адкрыццё завода «БЕЛДЖЫ» ў 2017 годзе дазволіла наладзіць выпуск даступных аўтамабіляў марак Geely і Belgee. У цяперашні час флагман айчыннага легкавога аўтамабілебудавання «БЕЛДЖЫ» актыўна нарошчвае аб'ёмы вытворчасці.
Даведачна:
Калі на пачатку сваёй дзейнасці «БЕЛДЖЫ» выпускаў толькі дзве мадэлі — седан Geely Emgrand SC7 і красовер Geely Emgrand X7, то ў цяперашні час агульная колькасць легкавых аўтамабіляў і кросовераў, якія збіраюцца на прадпрыемстве (з улікам брэнда Geely), перавышае паўтара дзясятка варыянтаў і мадыфікацый.
На сённяшні дзень аўтазавод можа вырабляць да 120 тыс. аўтамабіляў штогод. Для параўнання: годам раней, у 2025 годзе, на прадпрыемстве было выпушчана 90 тыс. аўтамабіляў. Пры гэтым беларускае прадпрыемства «БЕЛДЖЫ» мае намер у 2027 годзе павялічыць аб'ём вытворчасці ўжо да 200 тыс. аўтамабіляў, што на 67% больш за запланаваны ўзровень бягучага года. Адначасова з нарошчваннем аб'ёмаў на заводзе плануюць павысіць узровень лакалізацыі вытворчасці да 80%. Так, у 2026–2027 гг. будзе пабудаваны цэх штампоўкі і пашыраны цэх зваркі. Рост лакалізацыі дазволіць знізіць залежнасць ад лагістычных ланцужкоў і валютных ваганняў, а таксама ўмацуе пазіцыі на еўразійскім рынку.
Пачалася маштабная мадэрнізацыя ўсёй краіны: з'явіўся прынцыпова новы від грамадскага транспарту — электробусы, было адкрыта рэгулярнае рух электрацягнікоў, запушчаны бескантактавыя тралейбусы, створаны і прадстаўлены першы беларускі электрамабіль, пачалося будаўніцтва энергаэфектыўных дамоў.
Даведачна:
Паводле даных Міністэрства прамысловасці, у Беларусі на канец 2026 года эксплуатуецца 198 электробусаў. Яны размеркаваны наступным чынам: у г. Мінску знаходзіцца 147 электробусаў (абсалютны лідар), у г. Жодзіна курсіруюць 14 электробусаў (першы горад у Беларусі, які цалкам перавёў свой грамадскі транспарт на электрычную цягу), г. п. Шклоў стаў пілотным рэгіёнам з цалкам «зялёным» грамадскім транспартам. Таксама актыўна запускаюцца прыгарадныя электробусныя маршруты ў гарады-спадарожнікі г. Мінска.
Асноўная частка бескантактавых тралейбусаў (з павялічаным аўтаномным ходам) засяроджана ў сталіцы, аднак электрычны транспарт актыўна ўкараняецца і ў рэгіёнах — у гарадах Гомелі, Магілёве, Віцебску, Гродне і Брэсце.
Пры гэтым долю электратранспарту ў агульнай колькасці наземнага грамадскага пасажырскага транспарту плануецца павялічыць да 25% да канца 2029 года.
Шосты Усебеларускі народны сход стаў знакавым яшчэ і таму, што менавіта на ім па прапанове Кіраўніка дзяржавы быў дадзены старт канстытуцыйнай рэформе. Вынікам гэтага працэсу стаў рэспубліканскі рэферэндум 27 лютага 2022 г., які кардынальна змяніў палітычную сістэму краіны.
Пытанне аб неабходнасці ўнясення змяненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь неаднаразова ўздымалася беларускім лідарам. А. Г. Лукашэнка адзначаў, што не выключае магчымасці карэкціроўкі Канстытуцыі Беларусі ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу. Згодна з Указам Кіраўніка дзяржавы ад 15 сакавіка 2021 г. № 105 была створана Канстытуцыйная камісія. Пачалася актыўная работа па падрыхтоўцы абноўленага Асноўнага Закона нашай краіны.
Напярэдадні VI Усебеларускага народнага сходу прапановы па змяненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь шырока абмяркоўваліся ў ходзе дыялогавых пляцовак (кастрычнік 2020 г. — люты 2021 г.). Абмеркаванне было арганізавана максімальна адкрыта і дэмакратычна. У ім маглі прыняць удзел усе жадаючыя.
Так Усебеларускі народны сход набыў канстытуцыйны статус, стаўшы вышэйшым прадстаўнічым органам народаўладдзя, а яго рашэнні набылі абавязковы характар.
Наданне УНС канстытуцыйнага статусу сведчыць аб афармленні ўнікальнай мадэлі беларускага народаўладдзя.
Даведачна:
На рэспубліканскім рэферэндуме 2022 года пераважная большасць грамадзян падтрымала змяненні і дапаўненні ў Асноўны Закон Рэспублікі Беларусь — 82,86% грамадзян, якія прынялі ўдзел у галасаванні.
Беларуская формула народаўладдзя
Першае пасяджэнне сёмага Усебеларускага народнага сходу ў новым канстытуцыйным статусе адбылося ў красавіку 2024 г. і прайшло пад дэвізам «Час выбраў нас!». Старшынёй УНС быў абраны Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. На пасяджэнні былі зацверджаны найважнейшыя дакументы — Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі і Ваенная дактрына Рэспублікі Беларусь. Гэтыя дакументы вызначылі падыходы дзяржавы да забеспячэння міру, стабільнасці і абароны нацыянальных інтарэсаў.
У снежні 2025 г. адбылося другое пасяджэнне сёмага УНС пад дэвізам «Час канкрэтных спраў!». Яго ключавым вынікам стала зацвярджэнне Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2026–2030 гады (далей — Праграма).
Праграмай прадугледжана дакладная пастаноўка мэты — пераход да новай якасці жыцця кожнага грамадзяніна і фарміраванне самадастатковай, канкурэнтаздольнай дзяржавы. «Беларусь павінна стаць краінай з развітой лічбавай індустрыяй і тэхналагічнай структурай, уласнымі прарыўнымі тэхналогіямі», — гаворыцца ў тэксце дакумента.
Найважнейшымі ўмовамі для дасягнення гэтай мэты лічацца выразная канцэнтрацыя ўвагі і намаганняў на наступных прыярытэтах:
- нацыянальная дэмаграфічная бяспека — захаванне насельніцтва, умацаванне здароўя нацыі і падтрымка сям'і;
- развіццё чалавечага патэнцыялу, якасная адукацыя, выхаванне гарманічнай і патрыятычнай асобы;
- стварэнне якаснага і зручнага асяроддзя для жыцця;
- павышэнне канкурэнтаздольнасці, паскарэнне тэхналагічнага развіцця і лічбавая трансфармацыя;
- моцныя рэгіёны;
- умацаванне абараназдольнасці дзяржавы і развіццё абароннага сектара эканомікі;
- рэалізацыя турыстычнага патэнцыялу.
Разам з роляй УНС у вызначэнні будучыні краіны расце і давер насельніцтва да яго. Гэта пацвердзілі больш за 70% беларусаў, апытаных у ходзе сацыялагічнага даследавання, праведзенага ў ліпені — жніўні 2026 г. Інстытутам сацыялогіі НАН Беларусі па заказе БІСД.
****
УНС з'яўляецца ўвасабленнем глыбокай гістарычнай традыцыі, вытокі якой бяруць пачатак ад Полацкага веча, Усебеларускага з'езда 1917 г., Народнага сходу Заходняй Беларусі 1939 г.
Непераходная каштоўнасць Сходу як інструмента прамой дэмакратыі заключаецца перш за ўсё ў тым, што ён дае грамадзянам магчымасць непасрэдна абмяркоўваць і прымаць рашэнні па найбольш актуальных пытаннях жыцця дзяржавы і грамадства.
Набыўшы канстытуцыйны статус і новы фармат правядзення, УНС яшчэ больш умацаваў свае пазіцыі як вышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя Рэспублікі Беларусь, які вызначае стратэгічныя напрамкі развіцця грамадства і дзяржавы, забяспечвае непахіснасць канстытуцыйнага ладу, пераемнасць пакаленняў і грамадзянскую згоду.
Усебеларускі народны сход даказаў, што лёсавызначальныя рашэнні ў нашай краіне прымаюцца калегіяльна, адкрыта і выключна ў інтарэсах людзей. За тры дзесяцігоддзі ён ператварыўся ў надзейнага гаранта пераемнасці курсу і нашага суверэнітэту, у палітычны шчыт, які выключае любыя рызыкі расколу грамадства, замацаваўшы ўнікальную беларускую мадэль дэмакратыі, у якой голас простага працаўніка мае такую ж вагу, як і голас вышэйшай службовай асобы.
Завяршыць хочацца не сухой высновай, а наказам, які Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка адрасаваў кожнаму з нас. Наказам, які павінен знайсці водгук у сэрцы кожнага беларуса: «Беларусь, калі мы і надалей будзем так берагчы яе, — краіна будучыні. Забяспечанай, бяспечнай, камфортнай будучыні для ўсіх і кожнага. І ўсё гэта ў нашых сілах!».